Гісторыка-культурныя каштоўнасці Мастоўшчыны

Мясцовы танцавальны стыль «Котчынская кадрыля»

 

...Сляды вякоў, сляды сівыя

У дзень далёкі пераносяць.

Адны маўчаць, нібы нямыя,

Другія самі слова просяць.

Хоць ціха дрэмлюць над ракою…

Далёкі след замураваны.

Ды ледзь крані—няма спакою -

Пад ім вякоў жывыя раны...

                                                                                    Уладзімір Васько

 

 

29.04.2009 года “Котчынская кадрыля” сумесна з ДУК “ГАМЦНТ” запісана як узор нематэрыяльнай культуры  і прапанавана для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

  

         Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 верасня 2010 года №1351 мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як узор нематырыяльнай культуры з катэгорыяй каштоўнасці “А” (гісторыка-культурныя каштоўнасці, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх безумоўныя і нязменныя).

Першы раз у 1960 годзе кадрылю танцавалі на хрысцінах у дачкі Ларысы Брыгадзір Яўгеніі Ігнацьеўны, дзе прысутнічала дырэктар Котчынскага Дома культуры Калбасенкава Марыя Вікенцьеўна. Гэты танец ёй вельмі спадабаўся, і яна стварыла пры клубе танцавальны калектыў. На розных мерапрыемствах, якія праходзілі ў клубе, калектыў прымаў удзел і вельмі падабаўся гледачам. У 1969 годзе першы раз калектыў прымаў удзел у аглядзе фальклора, дзе таксама меў поспех. Затым калектыў неаднаразова прымаў удзел у многіх як раённых, так і абласных мерапрыемствах, аглядах.

У 1971 годзе прыехаў запісаць “Котчынскую кадрылю” харэограф М.І.Хвораст разам з пісьменнікам І.Лісам, Янкай Брылем, Мікалаем Аўрамчыкам у кнігу “Беларускія танцы”. З цягам часу удзельнікі мяняліся, кадрыля стала перадавацца з пакалення ў пакаленне, і па сённяшні час, і цяпер таксама карыстаецца папулярнасцю ў гледачоў рознага ўзросту.

 Першыя удзельнікі кадрылі:

1.Пачабыт Вольга Канстанцінаўна – 1934 г.н.

2.Януль Аляксандр Канстанцінавіч – 1930 г.н.

3.Жук Мікалай Іванавіч – 1925 г.н.

4.Філіповіч Зінаіда Іванаўна – 1935 г.н.

5.Пяцюшык Павел Паўлавіч – 1925 г.н.

6.Грышко Вольга Іванаўна – 1940 г.н.

7.Ярмаловіч Казімір Аляксандравіч – 1932 г.н.

8.Брыгадзір Яўгенія Ігнацьеўна – 1934 г.н.

9.Сончык Ніна Уладзіміраўна – 1932 г.н.

10.Мартынчык Міхаіл Іванавіч – 1930 г.н.

11.Рахунок Мікалай Іванавіч – 1932 г.н.

12.Рахунок Ганна Фёдараўна – 1932 г.н.

  

  

 

 

 

 

Апісанне танца:

У кадрылі 12 фігураў. У танцы  ўдзельнічаюць шэсць параў (шэсць дзяўчат і шэсць юнакоў). Танец выконваецца з запалам, гулліва, тэмп памяркоўны.

У задніка сцэны на крэслах сядзяць уперамежку адвольнымі групамі дзяўчаты і юнакі. Баяніст сядзіць паміж танцуючымі пасярэдзіне.

Выконваецца музычны ўступ – 8 тактаў.

1-4 такты.

Танцуючыя весела ўстаюць і позіркам быццам бы выбіраюць сабе пары.

5-8 такты.

Юнакі ідуць простым крокам і выстройваюцца за першым юнаком у лінію ўздоўж правых кулісаў тварам да гледачоў. Рукі заложаны ззаду на талію.

Паўтараецца музычны ўступ – 8 тактаў.

1-4 такт.

Юнакі паварочваюцца папарна адзін да аднаго тварам і галантна кланяюцца. Пасля паклона паварочваюцца тварам да цэнтра сцэны.

5-8 такты.

Юнакі стаяць на месцы. Дзяўчаты, прыхарошваючыся – папраўляюць спадніцы, фарнтухі і хусткі, паступова ідуць за першай дзяўчынай і выстройваюцца ў лінію ўздоўж левых кулісаў тварам да юнакоў. На 8-мы такт танцуючыя, стоячы на месцы, лініямі вітаюць адзін аднаго лёгкім наклонам галавы.

1-я фігура – “падыход юнакоў і ход па кругу” – 16 тактаў

2-я фігура – “шён” – 16 тактаў

3-я фігура – ход дзяўчат па кругу – 24 такта

4-я фігура – ход парамі па кругу – 8 тактаў

5-я фігура – “да-за-да” па дзве пары – 16 тактаў

         6-я фігура – “залёты” (56 тактаў)

          7-я фігура – “завіванне” – 16 тактаў

         8-я фігура – “мышка” – 8 тактаў

         9-я фігура – “полька другой дзяўчыны і першага юнака” –      16 тактаў

         10-я фігура – 16 тактаў

         11-я фігура – “мосцік” – 16 тактаў

         12-я фігура – “расплятанне мосціка"

   

 Будзем спадзявацца, што агульнымі намаганнямі мы зможам зберагчы гісторыка-культурную спадчыну Мастоўшчыны для нашчадкаў, каб  ў будучым  яна не стала  страчанай!