Культура Мостовщины

Традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў

(в. Гудзевічы, Мастоўскі р-н, Гродзенская вобл.)

 

АСАБЛІВАСЦІ ПОДВОЙНАГА ТКАЦТВА.

У 2011 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь была ўнесена тэхналогія традыцыйнага падвойнага ткацтва вёсак Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці і Падбела Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Цяпер гэта не толькі рэгіянальная, але і нацыянальная каштоўнасць. Тканыя такой тэхнікай дываны выконваліся на шырокіх гарызантальных кроснах. Яны мелі дзве асновы розных колераў, злучаных між сабою толькі ў контурных абрысах двухбаковага малюнка. Малюнак раўнамерна размяркоўваўся па галоўнаму полю дывана і па яго бардзюрах, каб надаць тканіне большую звязанасць і неразрыўнасць. Каб выканаць разнастайныя ўзоры, ткачыха шляхам ручнога выбірання малюнка самастойна кампанавала задуманую кампазіцыю. Яе можна ўвесь час удакладняць, відазмяняць розныя дэталі і элементы. Такую вялікую колькасць цікавых і непаўторных арнаментальных і сімвалічных форм можна стварыць толькі ў падвойным выглядзе, што немагчыма паўтарыць у іншых тэхніках ткацтва.

ПАДВОЙНАЕ ТКАЦТВА.

Вызначэнне тыпу тканін “гродзенскія дываны” звязана з дзейнасцю Юзафа Ядкоўскага (1928 г., "Стан народных промыслаў у Сакольскім павеце"), які набыў для музея падвоеныя дываны і апісаў – цэнтры, асаблівасці кампазіцыі, арнаменту, каляровых спалучэнняў. Пазней на падставе матэрыялаў яго калекцыі і запісаў “гродзенскія дываны” па мастацкіх якасцях былі вылучаны ў асобны тып двуасноўных тканін. Перавагу Панямонню пры вывучэнні мастацкага ткацтва Ю. Ядкоўскі надаваў, бо сам нарадзіўся і жыў у Гродна. Сабраўшы каштоўны этнаграфічны матэрыял, ён меў падставы вылучыць тканіны, зробленыя двухасноўным спосабам з падвойнай структурай палатна, якія былі распаўсюджаны ў наваколлі, у асобную групу і назваць “гродзенскімі дыванамі”. Рукапісы яго не захаваліся, апублікаваны быў толькі кароткі агляд промыслаў Гродзенскага рэгіёна, але яго напрацоўкамі карысталіся іншыя даследчыкі. Што дакладна можна сцвярджаць па матэрыялах Ядкоўскага – дывановыя вырабы, якія называюць “гродзенскімі дыванамі”, на тэрыторыі Панёманскага краю сапраўды былі з’явай распаўсюджанай. У гродзенскіх дыванах прысутнічае камбінацыі сіняга і карычнева-бурачковага колераў. Часта сустракаецца спалучэнне колераў чырвона-зялёнага або ружова-зялёнага, характэрнага для тэкстыльных вырабаў польскага рэгіёна Пажонды. Каларыстыка ў залежнасці ад рэгіёну характарызуе так званы “польскі стыль”. Рэгіянальная прыналежнасць з’яўляецца больш значным крытэрыем вартасці тканін, чым індывідуальны густ заказчыка або аўтара твора. Тэндэнцыя мастацтва Пажонды захоўвае гэту якасць і ў пазнейшы час. А вось вызначэнне гродзенскіх адметнасцяў колеравых спалучэнняў такой сувязі не дэманструе.

 

Традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў (в. Гудзевічы, Мастоўскі р-н, Гродзенская вобл.)

 

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 43АК000068

 

Дата ўключэння:

 

№ пратакола Рады: Дата i нумар пратакола пасяджэння Навукова-метадычнай рады: № 176 ад 22.12.2010 г.; Дата i нумар пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь: № 1214 ад 12.09.2011 г.; Катэгорыя каштоўнасці: А

Шыфр (у Інвентары): НКС-131029/01

 

     Белакоз Вера Ігнатаўна нарадзілася 3 лютага 1934 года ў вёсцы Ляткі тады Ваўкавыскага, а зараз Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Бацькі Сырэй Ігнат Іванавіч і Вольга Сямёнаўна – сяляне, жылі са свае гаспадаркі, таму яшчэ з дзяцінства вучылася самай рознай сялянскай працы, у тым ліку і апрацоўцы лёну, ткацтву. У 1948 годзе скончыла Гудзевіцкую сямігадовую школу і паступіла ў Гродзенскае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча, якое закончыла ў 1952 годзе. У хуткім часе вярнулася ў родную вёску, пайшла працаваць настаўніцай пачатковых класаў. Выйшла замуж за мясцовага хлопца, а зараз вядомага краязнаўцу, стваральніка Гудзевіцкага музея Белакоза Алеся Мікалаевіча. Выгадавалі траіх дзяцей. З 1990 года са школы перайшла на працу ў музей.

      Яшчэ ў 1970 годзе, працуючы ў школе, стварыла ткацкі гурток для дзяцей. Там вучні асвойвалі тэхніку ткацтва паяскоў і закладачкаў на маленькіх ручных кроснах. Сама Вера Ігнатаўна засвоіла гэтае майстэрства ад вядомага беларускага бібліёграфа, карані якой з нашай мясцовасці, Юліі Язэпаўны Бібіла. Пазней гэты гурток пачаў працаваць пры музеі  (зараз ён таксама дзейнічае), за гэты час сотні дзяцей навучыліся ткаць паяскі і закладачкі, а дачка Веры Ігнатаўны Марына Аляксандраўна, скончыўшы філалагічны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта, вучыць ткацтву ўсіх жадаючых у абласным Палацы дзіцячай і юнацкай творчасці. Яшчэ ў 1987 годзе Вера Ігнатаўна Белакоз была запрошана на ВДНГ СССР, дзе паказвала сваё майстэрства ткацтва на ручных кроснах закладачкаў, паяскоў і гальштукаў.

    У 1991 годзе ў зале практычнага ткацтва музея быў вытканы першы падвойны дыванок. Гэтую рэдкую і складаную тэхніку засвойвала Вера Ігнатаўна ад жыхаркі в.Адэльск Яніны Райскай. Навучылася сама, а потым вучыла ўжо іншых. Зараз у фондах музея захоўваецца чатырнаццаць падвойных дываноў, вытканых у свой час Верай Ігнатаўнай. Таксама яе работы захоўваюцца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі і Мастоўскім музеі “Лес і чалавек”, неаднаразова прадстаўляліся на разнастайных выстаўках у Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі і за яго межамі, а таксама на выстаўках на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у 2010 г. і 2012 г.

    У 2011 годзе традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў в.Гудзевічы была занесена ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

За плённую працу па адраджэнні і захаванні тэхналогіі падвойнага ткацтва Белакоз Вера Ігнатаўна атрымала прэмію імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта  “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” па намінацыі “Народны майстар года” за 2016 год.  

 

Социальные сети

Яндекс.Метрика

Контактная информация

231600, Гродненская область, г.Мосты, ул.Советская, д.50
80151532329
metodist.25@tut.by